
Умовы пабудовы фабрыкі
Старое насельніцтва гэтай мясцовасьці пра ўзбудаваньне паперні кажа: прыродныя ўмовы—вусьце р. Вольшанкі, якая ўпадае ў р. Вулянку,—дужа даўно, мы ня помнім калі, далі магчымасьць пабудаваць тут млын; мы помнім, які тут быў добры млын-крупчатка. Належыў гэты млын да маёнтку Смалянцы, дзе панаваў Валадковіч, які прыходзіўся дзядзькам Іванскаму пану Валадковічу. Смалянецкі пан памёр і Смалянцы перашлі да маёнтку Іванск—да пляменьніка. Перашоў і млын, дзе цяпер і фабрыка Ч. З. Новы гаспадар быў малады, здатны, з гандлёвымі нахіламі. Прыродныя ўмовы—сіла вады, вялікія лясы, якія давалі сьірэц, накіроўваюць яго на думку перабудаваць млын на картонны завод, што ён і зрабіў у 1883 годзе. Завод быў, можна сказаць, саматужны (кустарны), бо выраблены картон сушыўся на сонцы. Аддаленасьць мясцовасьці ад цэнтраў, нагаў глухое месца, даюць гаспадару магчымасьць мець танныя рабочыя рукі. Адсутнасьць чыгункі не зьяўляецца перашкодай у разьвіцьці вытворчасьці, і яна пашыраецца. Будуецца паперня „Скіна“—ставіцца першая паперная машына ў 1896 г. Назву фабрыкі „Скіна“ гаспадар дае ў чэсьць сваёй пляменьніцы Скіны.
Першыя работнікі
Першымі рабочымі пры заснаваньні фабрыкі зьяўляюцца палякі, успамітальнымі рабочымі—мясцовыя. Галоўныя майстры—немцы і палякі, служачыя—палякі, кантора вядзе ўсё дзелаводства на польскай мове—па нацыянальнасьці гаспадара.
Падсобнае аддзяленьне „Вішкавічы“
Мы кажам, што фабрыка пашыраецца. Яе пашырэньне відаць і з таго, што яе падсобнае аддзяленьне—дрэва-масавы завод будуецца каля 1902 г. у вёсцы Вішкавічы ў адлегласьці 5 вёрст ад фабрыкі, адкуль драўляная маса па р. Вольшанцы падвозіцца да фабрыкі.
Гэты завод працуе да зачыненьня фабрыкі ў 1915 г., калі галоўныя часткі машын адтуль вывозяцца на фабрыку, а апошнія ў гады рэволюцыі нішчацца. Каменны будынак быўшага дрэва-масавага завода, падсобнага да фабрыкі, у в. Вішкавічы стаіць і цяпер (у вапошні год там збудован вадзяны млын).
2-я паперная машына і 3-я
У 1900 г. Валадковіч ставіць другую паперную машыну, у 1909 г.—трэцюю. У вапошнія гады гаспадараньня Валадковіча фабрыка работала з дэфіцытам. Трэба думаць, што гэтаму было многа прычын: мела тут уплыў адсутнасьць чыгункі, што падымала цану на паперу, а пры разьвіцьці папернай вытворчасьці разьвівалася конкурэнцыя і Скіна ад гэтай конкурэнцыі цярпела; сам Валадковіч у папернай вытворчасьці нічога не разумеў, усім кіравалі чужыя рукі, якіх зусім ня цікавіла вытворчасьць, а свой інтарэс.
С ы р э ц — л е с
Мы казалі, што лясоў сваіх у пана Валадковіча было многа. Апал фабрыкі быў, дый цяпер яшчэ—драўляны, а таксама і сырэц, які патрэбен для вырабу драўлянай масы на выраб паперы, быў свой. Але паступова, як лясы яго нішчацца, ён купляе лес у іншых мясцовасьцях і ракой дастаўляе яго да фабрыкі. Трэба тут сказаць, што фабрыка Ч. З. многа паела ваколічнага лесу. Тут зробім маленькі адступ, што калі ў мінулым годзе (1925 г.) на пашыраным пленуме Райвыканкому сяляне выказаліся, што фабрыка зьнішчыла ў нас лясы, то РВК, згодна рэзолюцыі пленуму, у раёне для фабрыкі лесу не дае з 1 кастрычніка 1925 г. (Заява старшыні РВК т. Аверко на сходзе сялян у вёсцы Казаноў. 17 студзеня 1926 г.).
Сырэц усіх родаў
Фабрыка Ч. З. прыстасавана для вырабы сурагатнай паперы, г. зн. паперы, якая вырабляецца з дрэва. (Папера з ануч—добрага гатунку). Для вырабу паперы патрэбен сырэц: драўляная маса, цэлюлёза і паперныя абрэзкі. Гэта галоўнейшыя матар’ялы. Апроч іх, яшчэ ёсьць дапамагальныя матар’ялы: 1) гарпіус, 2) сода, 3) гліназем (квасцы), 4) крахмал, якія патрэбны для праклейкі паперы, 5) каглін—прасьвечвае і дае ёй мяккасьць, хварба лепей кладзецца.
Драўляная маса—вырабляецца мэханічна, мелецца на муку. Валакно слабое. Цэлюлёза—продукт з дрэва, выраблены хімічным спосабам. Дрэва загружаецца ў выглядзе трэсак у спэцыяльныя катлы і варыцца ў кіслаце. Валакно сярэдняй крэпасьці. Паперны брак атрымліваецца ў процэсе вытворчасьці, а таксама купляюць абрэзкі з друкарань і іншых устаноў, старыя архівы і г. д. У даваенны час сырэц—драўляная маса — для фабрыкі большасьцю быў свайго вырабу. Пажарам у 1920 г., аб якім мы будзем казаць ніжэй, дрэва-масавы аддзел быў зьнішчаны, і цяпер, насьпех наладжаны, дрэва-масавы аддзел ня можа цалком здаволіць патрэбу вытворчасьці фабрыкі і прыходзіцца прывозіць драўляную масу (цэлюлёз) з іншых мясцовасьцяй. Большасьць яе цяпер прывозіцца з Фінляндыі, часткай—з СССР з завода Сухонь, Валагодзкай губ. Раней прывозілі з-заграніцы, але зусім і Шранц*. Наагул, усе тэхнічныя прыстасаваньні йдуць з-заграніцы, галоўным чынам з Аўстрыі, Нямеччыны і Швэцыі. Пры вытворчасьці застаюцца рэшткі драўлянай масы, для гэтых рэштак зроблена прылада, якая ловіць дробнае валакно з вады, што бяжыць у раку. Для лому мэталю (ламаных сетак і інш.) ёсьць ліцейная, якая пераплаўляе гэты лом на іншыя рэчы і прылады.
Склады для сырцу
Для складкі сырцу ёсьць магазын—4-х павярховая будыніна, адкуль сырэц, па меры патрэбы, падаецца дзеля абробкі пад’ёмнымі машынамі.
Падвоз усіх матар’ялаў рабіўся да зімы 1925-1926 г. улетку—вадой лайбамі, узіму—гужом, а цяпер, з правядзеньнем чыгункі па шляху Ворша—Лепель, увесь сырэц падвозіцца па чыгунцы; станцыя ад фабрыкі каля 4 вёрст.
Процэс вытворчасьці
Цяпер разгледзім і пералічым паступовыя стадыі вытворчасьці: 1) Сартыроўка макулятуры, 2) Бягуннае аддзяленьне (4 бягуны, работае 3), 3) Клееварка, 4) Дрэва-масавае аддзяленьне—3 шлефера, 5) Рольнае аддзяленьне на 2 машыны (у мінулы час было нарыхтавана на 3 паперных машыны), 6) Паперныя машыны, 7) Апаратурнае аддзяленьне, 8) Канчатковы аддзел, 9) Кацельная, і далей пяройдзем к самому процэсу вытворчасьці. У аддзяленьні сартыроўкі макулятуры—абрээкі паперы сартыруюцца па колеры і ачышчаюцца ад мусару, зразумела, ручным спосабам. Бягуннае аддзяленьне—тут разартыраваныя абрээкі паперы размалаваюцца на бягунок, сюды-ж паступаюць для размолу старыя архівы і інш., і пакупная драўляная маса—цэлюлёз. Клееварка падыхтоўвае раствор клею і хімічных матар’ялаў для замацаваньня імі паперы, тут-жа разводзіцца коалін. Драўляна-масавае аддзяленьне вырабляе драўляную масу (поўфабрыкат). Рольнае аддзяленьне—тут валакно размалаваецца, дадаюцца хімічныя мятар’ялы і падрыхтоўваецца маса для адліву папернага ліста на машыне самачэрпцы. Паперная машына адлівае і сушыць лісты. Машын гэтых усяго 3, але пажарам зьнішчаны былі 2, адна зрамантавана, так што цяпер працуюць дзьве самачэрпкі—№№ 1 і 3. Апаратурнае аддзяленьне—адлітая папера ідзе ў далейшую апрацоўку на каландрах, калі патрабуецца глазіроўка і на рэзку, дзе паперная стужка разразаецца на лісты паводлуг патрэбнай формы. На рэзку ня йдуць толькі абойная папера і масьленка-рулонная, якія проста ад машын йдуць у ўпакоўку, як гатовы тавар. У канчатковым аддзеле сартыруецца па колеры і па якасьці, складаецца ў стопы, прэсуецца, упакоўваецца і здаецца ў склад, які накіроўвае яе згодна нарадам Белубмтрэсту.
Сарты паперы
Больш іншых сартоў тут вырабляецца абойная папера,—ад 6000—9000 пудоў у месяц, якая для накладкі хварбы накіроўваецца ў Менск на фабрыку імя т. Вароўскага, потым вырабляецца масьленка-вокладкі, часткай альбомныя сарты, пергамін—усе гэтыя сарты вырабляюцца паводлуг абсталяваньня Белпапторга (праз Белубмтрэст) і рэалізуюцца апошнім на рынках СССР; скураную паперу фабрыка вырабляе паводлуг абсталяваньня Ленгіз.
Энэргія
На фабрыцы Ч. 3. тры віды мэханічнай энэргіі—вадзяная энэргія, паравая і электрычная. Вадзяная энэргія здабываецца вадзяным турбінам на 120 конскіх сіл; цяпер дзеля таго што турбін стары, удаецца выкарыстоўваць толькі 45 кон. сіл. Гэта сіла служыць для асьвятленьня фабрыкі, прыводзіць у рух дзінама-машыну. Паравая энэргія здабываецца паравымі машынамі—з іх адна ў 500 кон. сіл, другая ў 40 і трэцяя ў 45 кон. сіл. Апошнія дзьве абслужваюць паперныя машыны. Электрычная энэргія—частка паравой энэргіі ад 500 сільнай паравой машыны. Маторам прыводзіцца ў рух апаратурнае аддзяленьне; станкі—машынамі мэханічнай майстэрні. У кацельнай ёсьць тры катлы з даўленьнем да васьмі атмосфэр.
Ацяпленьне паравое будыніны фабрыкі, награваецца вострым парам.
Загатоўка лесаматар’ялу.
Вада ў катлох да апошняга часу награвалася дрыўмі; але дзеля недахвату лесу фабрыка ў самы бліжэйшы тэрмін параходзіць на апал каменным вуглем, які, з агульнага заказу ў Данецкім басейне, 150,000 п., ужо на бліжэйшую станцыю прывезены ў колькасьці каля 60,000 пудоў. Печкі паступова будуць прыстасоўвацца на пераход к апалу каменным вуглем. Цікава падкрэсьліць, што апал драўляны таней за каменны вугаль.
Рабочыя і вытворчасьць
На 1-е студзеня 1926 году штатных працаўнікоў на фабрыцы ёсьць—мужчын 215, жанчын 50, падросткаў хл. 15, дз. 4. Служачых 39 чалавек, з якіх 37 мужчын і 2 жанчыны. Апроч штатных, яшчэ бываюць падзённыя рабочыя ад 100—115 чал., якіх наймаюць у залежнасьці ад патрабаваньня. Вытворчасьць на аднаго вытворчага рабочага ў дзень у даваенных рублёх: у лістападзе—11 руб. 09 кап., жніўні—12 р. 75 к., верасьні—11 р. 39 к., кастрычніку—10 р. 68 к. Мы тут бачым хістаньні. Гэтыя лічбы могуць быць толькі орыентовачнымі.
Зарплата
Зарплата па разраднай сетцы. Штомесячны выдатак на зарплату ад 12—15 тысяч рублёў.
Фабком
Рабочыя фабрыкі аб’яднаны ў саюз папернікаў. Фабком яднае 280 рабочых. РКК у мінулым годзе разабрала 20 конфліктаў, з якіх 60 проц. на карысьць саюзу. Сэкцыя па ахове працы ў апошні час выявіла сваю агульную працу нарыхтаваньнем шытую каля машын, бакаў з кіпячонай вадой для піцьця. Сантройка абгледзела кватэры з мэтай паляпшэньня жыцьцёвых умоў рабочых; стварылі кадр упаўнаважаных па цэхах дзеля хуткай дапамогі ў няшчасных выпадках. К 1-му лютаму г. г. будзе гатова новая лазьня, якая будуецца па тыпу добрай гарадзкой лазьні. Агульны мэдыцынскі агляд рабочых адбываецца 2-3 разы ў год. На фабрыцы ёсьць свая амбуляторыя, дзе заўсёды працуе фэльдшар. Тры разы ў тыдзень бывае доктар, які прыжджае з м. Чашнікі—3 вярсты, зьяўляецца і па асобых вызавах, таксама ёсьць і акушэрка. Амбуляторыя ў месяц прымае ад 350—400 хворых.
1905 год
Агульны пад’ём рабочай клясы ў 1905 г. адчуваўся і тут на фабрыцы Ч. З., прычым ён грунтаваўся на экономічных вымаганьнях рабочых—8-мі гадзінны працоўны дзень стаяў першым патрабаваньнем рабочай масы. Мы дзеля прыкладу падкрэсьлім пад’ём рабочых тут у сакавіку 1905 г. Справа была такая. Правадыры рабочых т. т. Валькоўскі І., Сергін М., Барэйка Б., Камінскі Я. з рабочай масай прышлі к канторы, дзе да іх вышаў загадчык фабрыкі. Названыя таварышы ад імя рабочай масы патрабавалі ад загадчыка 8-мі гадзінны працоўны дзень. Той пачаў такую гутарку:
„Фабрыка дае дэфіцыт, гаспадар—памешчык Валадковіч—хоча яе зачыніць, я яго ўпрашваю, шкадуючы вас, каб ён гэтага не рабіў. Лепш ідзеце і станавецеся на працу, бо Валадковіч зачыніць фабрыку і вы ўсе застанецеся з дзяцьмі на вуліцы“.
К гэткаму адказу,— апавядаюць цяпер рабочыя,— мы зусім ня былі падрыхтаваны і разышліся. У вечар у нас быў агульны сход рабочых і мы вырашалі—няхай не Валадковіч зачыняе фабрыку, а мы зробім гэта самі і пастанавілі ў наступнае раньне абвясьціць забастоўку. Але ў гэты вечар,—успамінае цяпер т. Барэйка,—падышоў да мяне загадчык фабрыкі з Валадковічам і сказалі—абвясьціць усім, што з 1-га красавіка ў нас будзе 3-я зьмена. Значыць, 8-мі гадзіннага працоўнага дня мы дабіліся. Наша галоўнейшае патрабаваньне было здавольнена.
Пасьля 1905 г. пачалося агульнае зацішша, усё ў нас ішло спакойна,—расказваюць далей рабочыя. Так было да вайны 1914 г. У 1915 г. паласа фронту падышла блізка да фабрыкі і фабрыка 15 верасьня 1915 г. была зачынена. Потым прабавалі пусьціць фабрыку ў 1916 г., але працавалі толькі 7—8 месяцаў і фабрыка зачынілася. У 1918 г. пры адыходзе з гэтай мясцовасьці немцаў, гаспадар фабрыкі Валадковіч таксама пашоў з імі і ўзяў з сабой найбольш цэнную маемасьць фабрыкі—галоўнейшыя часткі машын, адзеньне машын, сеткі і інш. Але давёз толькі да Менску, далей яму немагчыма было іх везьці і ён іх пакінуў у Менску. Пасьля адходу немцаў, рабочыя надумалі пусьціць фабрыку. Пачулі, што часьці машын, вывезеныя Валадковічам з фабрыкі, пакінуты апошнім у Менску, паехалі і прывязьлі іх адтуль. У гэты час з Віцебску быў прысланы т. Біттэ з мэтай ліквідаваць фабрыку. Ён абгледзеў яе—пабачыў тут добрыя машыны, здольных працаўнікоў, ня стаў яе ліквідаваць, а застаўся тут загадчыкам з мэтай пусьціць фабрыку і падняць яе вытворчасьць. У студзені 1919 г. фабрыку пусьцілі, а ў верасьні 1919 г. яна была эвакуіравана з прычыны прыходу белапалякаў і найбольш цэнная маемасьць была вывезена ў Маскву. Па адходзе белапалякаў фабрыку пусьцілі ізноў. Але, дзеля адсутнасьці сырцу, транспорту, фабрыка давала дэфіцыт.
П а ж а р
На бяду, у ноч з 8 на 9 красавіка 1920 г. на фабрыцы здарылася вялікае няшчасьце—пажарам былі зьнішчаны дзьве паперныя машыны, дрэвамасавае аддзяленьне, галандры, упаковачны аддзел, частка сартыроўкі. Страты былі дужа вялікія, якія адчуваюцца і цяпер.
Матывы к ліквідацыі
К 1922 г. перад рабочымі стаяла пытаньне—быць ці ня быць. Фабрыка ўвесь час дае дэфіцыт і існуе за кошт іншых паперных фабрык Бумтрэсту. Растлумачваецца, што рабочым трэба йсьці на вялікую ахвяру, каб утрымаць фабрыку, інакш яна павінна быць ліквідавана. І вось рабочыя ставяць пытанне—чатыры месяцы работаць бяз грошай і падняць фабрыку, бо ўвесь продукт, які яна вырабляе цалком ідзе на зарплату, а падняць вытворчасць немагчыма. Большая частка працаўнікоў згодна з гэтым, застаецца працаваць дарма і работаюць на адной машыне, якая засталася пасьля пажару. Ня гледзячы на гэтую ахвяру, фабрыка і далей не аплачвае сабе, дзеля чаго ў 1923 г. яшчэ паднімаецца пытанне аб ліквідацыі фабрыкі, але ў гэты час выжываецца, што па шляху Ворша—Лепель у бліжэйшы тэрмін будзе збудавана чыгунка, якая пройдзе каля фабрыкі,—фабрыка застаецца.
Фабрыка йдзе ў гару
К гэтаму часу агульныя ўмовы падняцьця прамысловасьці адчуваюцца і тут,—танны сырэц, зьніжаюцца накладныя расходы, падымаецца вытворчасць працы, даецца поўная нагрузка фабрыцы, поўная нагрузка 8-мі гадзіннага рабочага дня і фабрыка йдзе ў гару. Летам 1925 г. пускаецца другая паперная машына, якая, сапсутая пажарам у 1920 г., рамантавана самімі рабочымі, амаль што без дапамогі спэцыялістых інжэнэраў і на час з 1 кастрычніка 1924 г. да 1 кастрычніка 1925 г. фабрыка прадала свайго прадукту на суму—920.083 руб. 83 к. Выдаткі за гэты пэрыод—834.002 р. Чыстага прыбытку—86.081 р. 83 к.
Агульныя ўмовы жыцьця. Кватэры.
Для жыцьця рабочых і служачых ёсьць пры фабрыцы 18 жылых дамоў, кошт якіх на 1-е кастрычніка 1925 г. складае 22.453 руб. 05 к. па апошняй ацэнцы. Лік гэтых дамоў і наагул кватэр далёка ня можа здаволіць кватэрныя патрэбы рабочых, значная частка якіх жыве у в. Смалянцы на адлегласьці 11/2 вярсты ад фабрыкі, у іх там ёсьць свае будынкі і яны зьяўляюцца мясцовымі насельнікамі. Наагул, умовы кватэр нездавальняючыя: цесна, недахоп паветра і інш.
Дзеля гэтага ў чэрвені 1925 г. збудавана пры фабрыцы жылтаварыства пры 71 чал. пайшчыкаў, уступнага ўзносу 142 руб., на 20-е студзеня 1925 г. у касе т-ва 168 руб. Таварыства зацікаўлена хутчэйшым збудаваньнем хат для сваіх сяброў, клапоціцца цяпер аб загатоўцы лясных матар’ялаў для будоўлі, каб з вясны 1926 г. пачаць будаваць новыя хаты. Т-ва мае надзею атрымаць дапамогу ад Беларусь густу ў ліку 12 тыс. руб. З агульнага асыгнаваньня ў 27 тыс. руб., з якіх 15 тыс. руб. павінны пайсьці на будову рабочага новага клюбу. Гэта сума ў 27 тыс. руб. можа быць асыгнавана з 10 проц. адлічэньня з фонду на палепшаньне быту рабочых. У наступны момант складзень каштарысь на пабудаваньне аднаго дому ў дзьве кватэры на суму 3.800 руб. з гонтавым дахам. Такіх кватэр патрэбна збудаваць ня менш 15 у бліжэйшы тэрмін. Т-ва вядзе працу па ўцягненьні сяброў ў т-ва. Асьвятленьне кватэр электрычнае. За кожную лямпачку рабочы плаціць па 21/2 кап. за сьвечку. Большасьцю ў іх лямпачкі ў 25,16 сьвечак. Грамадзянскія установы карыстаюцца дармовым асьвятленьнем. Апал рабочыя і служчыя атрымліваюць з фабрыкі па загатоўчай яе цане,—апошняя яе цана—22 руб. за куб. саж.
Пажарная дружына
Для пажарнай забясьпекі на фабрыцы ёсьць пажарная дружына, якая складаецца з 36 сяброў, з якіх 5 комскладу, а 31 радавыя дружыньнікі. У будове фабрыкі—5 спраўных гігрантаў, да кожнага з іх па рукаву ў 60 арш., 20 вядзёр, 2 лесьніцы, 6 багроў, 9 пажарных тапароў, з якіх 5 гарадзкога тушэньня і 4 для вёскі. Кожную ноч дзяжураць—дружыньнік і 3 фабрычных кані. Па распараджэньні пажарнага інспэктара ВСНХБ дружына павінна выяжджаць з фабрыкі ў радыусе 3-х вёрст, з 1-га чэрвеня 1925 г. па 20-е студзеня 1926 г. дружына выяжджала 6 раз: м. Чашнікі—2 разы, Саўхоз Пачаевічы—1 раз, в. Смалянцы—1 раз, в. Зарэчная-Слабада—1 раз, на фабрыцы (пажар у будынку канторы)—1 раз. Пажарнікі маюць форменае адзеньне—шапку, паяс, скураную куртку.
Культасьветная праца на фабрыцы
Культасьветная праца на фабрыцы абхоплівае сабою сяброў Саюзу, іх сем’і і мае вялікі ўплыў на сумежныя вёскі ў радыусе да 12 вёрст. Працуюць гурткі політычныя, на якіх прысутнічаюць сябры партыі абавязкова і столькі-ж беспартыйных па дабравольным запісе; комсамольскія політычныя гурткі, на якіх апрок комсамольцаў прысутнічае многа маладняка: гурток профуху, драматычны, беларускі, харавы. У вапошняе лета вялікую дапамогу ў культасьветнай працы далі чырвонаармейцы 6 чыгуначнага палка, якія працавалі на пабудове чыгункі па шляху Ворша—Лепель. Ёсьць на фабрыцы Ленінскі куток з Ленінскай бібліотэкай, абстаўлены добра, там кожны вечар можна пабачыць рабочых, якія пасьля працоўнага дня адпачываюць за чытаньнем газэт, часопісаў і кніг. Побач з Ленінскім кутком знаходзіцца хата-чытальня, дзе ёсьць бібліотэка з рознымі аддзеламі, тут-жа выдаюцца таварышам газэты і часопісы па выпісцы. А такіх ёсьць шмат, 75 проц. рабочых выпісваюць газэты і часопісы. Больш за іншыя часопісы тут пабачыш „Бумажнік“, з газэт—„Рабочая газета“, ёсьць і „Известия“, „Правда“ і інш. На адлічэньні ў культфонд хата-чытальня выпісвае і сама газэты для агульнага чытаньня. Тут пабачыш газэты і на беларускай мове—„Савецкая Беларусь“ і на польскай—„Мют“.
Некаторыя таварышы тут-жа ў хаце-чытальні гуляюць у шашкі, у шахматы. Далей, пад адным дахам ёсьць клюб са сцэнай, які ўмяшчае да 250 чалавек. Каля клюбу ёсьць прыстасаваньне для кіно, ленты для якога прывозяцца з Віцебску, або з іншых мясцовасьцяй.
Уплыў культасьветнай працы на вёску
Мы кажам, што фабрыка мае ўплыў у культасьветнай працы на вёску. Справа ў тым, што фабрыка цалком узяла шэфства над аколічнымі вёскамі з мэтай дзяліцца з сваім братам-селянінам,—часта няпісьменным і цёмным,—тымі ведамі і дасягненьням навукі, якія рабочы ўжо атрымаў за часы мірнага будаўніцтва. З гэтай мэтай працаўнікі фабрыкі выяжджаюць на вёску, возяць з сабой газэты для сялян, вядуць з імі гутарку аб унутраным і сусьветным становішчы. У гэтай працы значную ролю іграюць партыйцы КП(б) і Комсамол. Пры фабрычнай ячэйцы лічыцца цяпер партыйцаў і кандыдатаў 45, з іх 2 жанчыны, камсамольцаў 32, з іх дзяўчат 6, піонэраў 40. Сябры ячэйкі ёсьць на вёсцы сярод сялян, з якімі наладжана моцная сувязь. Лік партыйных мае быць павялічаны з складу рабочых і сялян, якія падалі шмат заяў аб пажаданьні уступіць у сябры КП(б). Заканчваючы аб культасьветнай працы, яшчэ трэба сказаць пра фабрычную школу. Школы—дзьве—беларуская і польская. Беларуская двухкамлектная (прымітыў), у якой працуюць два настаўнікі, а другая польская з адным настаўнікам. Трэба падкрэсліць, што ў школе вучацца дзеці рабочых (у бел. школе 40 проц. рабоч. і 60 проц. сялян, у польскай школе дзяцей рабоч. 87 проц., сялян 13 проц.). Па сканчэньні школы-прымітыву, дзеці рабочых ня йдуць вучыцца далей у другі концэнтр сямігодкі (м. Чашнікі, у 3-х вярстах ад фабрыкі), а стараюцца атрымаць адукацыю тэхнічную, зрабіцца майстрам, мець рамясло і з гэтай мэтай цяпер трое вучацца ў фабзавучы ў г. Шклове, а 6 проц. з агульнага ліку рабочых вучацца ў цэхах тут—кваліфікуюцца на фабрыцы. Да школы насельніцтва фабрыкі адносіцца добра, дапамагаюць ёй сродкамі на выпіску газэт, часопісаў, бібліотэкі, на апал. У студзені 1926 г. к дню сьмерці Леніна па падпісным лісьце бацькі сабралі каля 30 руб. на організацыю пры школе Ленінскага кутка, надпіска ідзе далей. У гэтым прымаюць добрахвотны ўдзел усе працаўнікі фабрыкі. Бываюць агульныя сходы бацькоў, дзе настаўнікі дзеляцца з бацькамі дасягненьнямі і вынікамі школы.
Каапэратыў
У вадносінах да грамадзкіх устаноў трэба сказаць, што рабочыя агульна адносяцца да іх добра, напрыклад—85 проц. насельнікаў фабрыкі (рабочых) зьяўляюцца сябрамі каапэратыву.
Рэлігійнасьць
У справе рэлігіі тут трэба разьмежаваць насельніцтва на праваслаўных і каталікоў. Першыя амаль што ўсе адышлі ад царквы, парвалі усякую сувязь з ёй, а ў каталікоў рэлігія яшчэ трымаецца, хаця з кожным годам слабее. Хаўтур, акцябрын і шлюбаў шмат бывае грамадзянскіх. Рэдка хто зьвяртаецца за дапамогай у гэтай справе да царквы.
Будучае фабрыкі
Канчаючы гэты артыкул, скажу некалькі слоў аб бліжэйшай будучыне фабрыкі. У сувязі з правядзеньнем чыгункі, фабрыка наладжвае зносіны з прамысловымі цэнтрамі, і ад чыгункі на самую фабрыку павінна быць праведзена калея. У бліжэйшы час будуць адбудаваны згарэўшыя будынкі, адрамантавана трэцяя паперная машына і іншыя машыны павінны быць рамантаваны альбо заменены новымі. На гэтыя справы маюць даць па каштарысе 1.100 тысяч рублёў—паводлуг дакладу на фабрыцы дырэктара Белубмтрэста т. Шабашова ўзімку ў канцы 1925 г.—з пазыкі на гаспадарчыя адбудаваньні краю. Тут не забываецца і культасьветны бок—будзе пабудованы добры Нардом, будзе зроблена радыо і г. д., што ўжо ёсьць на іншых паперных фабрыках у нас, на Беларусі.
К. Арол 1926 год Наш Край